Міхал Валіцкі
Міхал Валіцкі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Станіслаў Солтык[d] | ||||||
Пераемнік | Юзаф Карша[d] | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1746 |
||||||
Смерць |
1828 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Міцкевічы | ||||||
Адукацыя | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхал Валіцкі (сапраўднае імя — Міхал Міцкевіч; 1746, Новагародскі павет, Вялікае Княства Літоўскае — 1828, Вільня, Расійская імперыя) — граф, авантурыст і філантроп Рэчы Паспалітай.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду. Выхоўваўся дзядзькай па маці — вялікакняскім крайчым Бучынскім[1]. Навучаўся ў Мінскім езуіцкім калегіуме, потым у магілёўскіх езуітах. У 18 гадоў пачаў працаваць віцэ-рэгентам у менскіх судах.
Схільнасць да авантур і прыгод, а па іншай версіі — дуэль з набліжаным князёў Радзівілаў[1] прымусіла Міцкевіча пакінуць працу і пераехаць у Кракаў, па іншых звестках — Львоў. Ён уладкаваўся на працу маркерам у рэстаран і кіраваў картачнымі гульнямі ў яго залі[1]. У доме, дзе ён кватараваў, быў більярд, у гульні на якім Міцкевіч здабыў дасканаласць, як і ў гульні ў карты. Рызыкоўная і маляўнічая гульня Міцкевіча прыцягнула ўвагу князя Францішка Сапегі, які забраў яго з сабой у Вену.
Выйграўшы вялікую суму грошай, Міцкевіч пакінуў Сапегу і з венгерскім князем Міклашам Эстэрхазі пераехаў у Парыж[2]. Там ён пазнаёміўся з магнатам К. Весялоўскім, ад якога паступова пераняў дасканалыя манеры паводзін пры двары і грунтоўныя веды ў фізіцы, хіміі і мінералогіі, шмат увагі надаваў самаадукацыі. Вялікія грошы ад картачных выйгрышаў дазволілі яму адкупіць у ваяводы раўскага Базыля Валіцкага прозвішча і права належаць да роду апошняга.
У 1787 годзе Валіцкі набыў сабе пасаду падстолія кароннага ў Станіслава Солтыка. У пошуках доступу да французскага каралеўскага двара, Валіцкі паехаў у Італію, дзе купіў сабе графскі тытул. Пасля вяртання ў Парыж быў прыняты пры двары караля Людовіка XVI, з дапамогай сваёй каханкі княгіні Паліньяк стаў фаварытам каралевы Марыі Антуанеты.
Ён зрабіўся пастаянным партнёрам каралевы за картачным сталом і зарабіў вялізныя грошы гульнёю супраць прадстаўнікоў найбагацейшых сем’яў Францыі. Польскі храніст Генрык Жавускі ўзгадваў пра Валіцкага: «Ніколі ні пра што не спрачаўся, прабачаў памылкі партнёрам, ніколі нікому не адмаўляў у крэдыце, ні ад каго не патрабаваў неадкладна заплаціць пройгрыш наяўнымі грашыма»[1].
Выкананне сакрэтных даручэнняў каралеўскай сям’і і гульня ў карты пры двары па высокіх стаўках далі Валіцкаму магчымасць набыць значны капітал у грошах і каштоўнасцях. У маі 1783 года Міхаіл Валіцкі пераехаў у Лондан, дзе замест картачных гульняў ён стаў зарабляць грошы на гульні ў більярд і спекуляцыях на творах мастацтва[1].
У канцы 1787 года вярнуўся ў Рэч Паспалітую, дзе ягоны графскі тытул пацвердзіў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пасяліўшыся ў Варшаве, «новаспечаны граф» выклікаў недавер арыстакратычнага грамадства сталіцы[1].
Верагодна, рызыкоўныя махінацыі з каштоўнасцямі вымусілі Валіцкага перабрацца спачатку ў Гродна, дзе яшчэ ў 1793 годзе ён набыў палац віцэ-адміністратара. Увосень 1793 года, падчас «якабінскай дыктатуры» ў Парыжы ён набыў карціны знакамітых мастакоў, мэблю з Версаля і Цюільры, антычныя скупльптуры, фарфор[1].
У 1798 годзе Міхал Валіцкі набыў фальварак Азёры Гарадзенскага павета. Там ён стварыў узорную гаспадарку, улічваючы досвед Антонія Тызенгаўза, заснаваў суконную (1807) і папяровую (1809) мануфактуры, для чаго запрасіў нямецкіх спецыялістаў[1].
У 1799 годзе Валіцкі пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе здзіўляў вышэйшы свет вялікай калекцыяй каштоўных камянёў, дасканалымі манерамі, шыкоўнымі прыёмамі, адукаванасцю і дабрачыннасцю. Пісьменніца Стэфані Фелісітэ дэ Жанліс, уражаная незвычайным сапфірам з калекцыі Валіцкага, прысвяціла гэтаму каменю аповесць[2].
Пасля вяртання ў 1806 годзе з кругасветнага плавання прадстаўнікоў экспедыцыі І. Ф. Крузенштэрна, Валіцкі купіў калекцыю рэдкіх кітайскіх і японскіх рэчаў[2]. Значную частку сваёй калекцыі каштоўных камянёў ён падараваў Віленскаму ўніверсітэту. Пад назвай «калекцыя графа Валіцкага» яна была апісана Станіславам Юндзілам (паводле шэрагу гістарычных крыніц, пазней захоўвалася ў Эрмітажы).
Апошнія 20 гадоў жыцця граф правёў у асноўным у Вільні, дзе купіў вялізны дом. У 1805 годзе заснаваў стыпендыю ў Віленскім універсітэце для сваіх сваякоў па лініі Міцкевічаў і Валіцкіх. Памёр ва ўзросце 82 гадоў у Вільні і быў пахаваны на бернардзінскіх могілках[1].
Пасля яго смерці шматлікім прадстаўнікам роду Валіцкіх перайшлі вялізныя багацці, у тым ліку маёнтак Азёры, дзе знаходзілася багатая калекцыя карцін. За ўдзел нашчадкаў Міхала Валіцкага ў паўстанні 1863—1864 гадоў, спадчына была канфіскаваная царскімі ўладамі[1].
Партрэт
[правіць | правіць зыходнік]У Нацыянальным музеі Літвы захоўваецца алейны партрэт Міхала Валіцкага аўтарства Марціна Янушэвіча (канец 1810-х гадоў), які з’яўляецца копіяй партрэта Іагана Лампі 1790-х гадоў. Верагодна, партрэт быў набыты Валіцкім для размяшчэння ў фундаваным ім у 1818 годзе доме па вуліцы Савіч, пасля яго смерці апынуўся ў Віленскім музеі старажытнасцей, адкуль пасля паўстання 1863—1864 гадоў трапіў у Румянцаўскі музей. Вернуты ў Нацыянальны музей Літвы ў 1956 годзе[3].
Атрыбуцыя карціны як партрэта Міхала Валіцкага грунтуецца на «Рукапісе Каталога карцін і гравюр, змешчаных у Віленскім музеі старажытнасцяў», складзеным Людвікам Кандратовічам у 1856 годзе. Раней гэты твор памылкова лічыўся партрэтам графа Яўхіма Храптовіча[3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]За ахвяраванні вялізных сум грошай на карысць навучальных устаноў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў Міхала Валіцкага ўлетку 1789 года ордэнам Святога Станіслава I ступені, а ў 1790 годзе адзначыў ордэнам Белага Арла[3].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і Васіль Герасімчык.. Авантурыст і шулер Міхал Валіцкі . Новы Час (5 лістапада 2017). Праверана 28 жніўня 2020.
- ↑ а б в Людмила Рублевская.. Фантастический граф (руск.). Мн.: СБ. Беларусь сегодня (8 кастрычніка 2008). — «2020-08-28»
- ↑ а б в Аляксей Хадыка. Разгаданая тайна. Партрэт Міхала Валіцкага, мецэната і гульца.(недаступная спасылка) // «Новы час» № 31 (76), 5–11 лістапада 2007. — 16 с. — С. 14—15.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ігар Трусаў. Валіцкі Міхал // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 382. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 208.
- Падстоліі вялікія каронныя
- Нарадзіліся ў 1746 годзе
- Нарадзіліся ў Новагародскім павеце
- Памерлі ў 1828 годзе
- Памерлі ў Вільнюсе
- Пахаваныя на Бернардзінскіх могілках
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава (Польшча)
- Кавалеры ордэна Белага арла (Рэч Паспалітая)
- Асобы
- Авантурысты
- Філантропы
- Выпускнікі Мінскага езуіцкага калегіума
- Выпускнікі Магілёўскага езуіцкага калегіума